БЕЛАРУСКАЯ ПАЎСТАНЦКАЯ ПУБЛІЦЫСТЫКА
ЧАСОЎ КАЛІНОЎСКАГА

«Гутарка двух суседаў»
Песнь на Божы час («Паўстанцкая песня»)
Маніфест Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы да беларусаў
Ліст ад Яська-гаспадара да мужыкоў зямлі польскай


ГУТАРКА ДВУХ СУСЕДАЎ

No.1

Юзаф
Няхай бэндзе пахвалёны
Езус Хрыстус! Як сен маце,
Чы здаровы ўсенкі ў хаце
І што чуваць з вашай строны?

Матэуш
Ой, здаровы, ўсенкі жывы,
Да спытайце, чы шчаслівы...

Юзаф
Эй вы, дзядзьку, не тужыце,
Лепей Бога папрасіце,
Бо гавораць межда намі,
Што цар зробіць нас панамі.
Вялеў, каб зямлю купілі1,
Яму грошы заплацілі,
То мужык, як шляхціц, будзе,
Ўсее беданькі забудзе.

Матэуш
А я от як чуў, нябожа,
Што цар ніц зрабіць не можа,
Тылька хоча ашукаці,
Ўсенкі грошы ад нас ўзяці,
Каб было чэм падкупіці
Дэй з французам ў згодзе жыці.
Бо як французы узналі,
Што маскалі вычаўплялі,
Як народ весь паглумілі,
Ўсенкі дворы спусташылі
І люд польскі - каталіцкі
Прэвярнулі ў сызматыцкі2,
То француз за гэта ўзяўся:
Зараз прэд Богем закляўся
Маскаля не дараваці
І з зямлі нашэй прагнаці.
Так от москаль ухітрыўся
Дэй на круцельства пусціўся:
Хоча землю ўсю прадаці,
Каб не жаль было кідаці.
Отуж послухай, суседзе:
Як ронд польскі, дасць Бог, будзе,
То тагды ўсяму народу
Дасць Бог землю і свабоду.

Юзаф
Чы ж палякі з французамі
Маскаля зваююць самі?

Матэуш
І французаў нам не трэба,
Бо нам Буг найвышшы з неба
Дапаможа ваяваці
І маскалёў проч прагнаці.
Бо ўжэ вельмі награшылі,
Многа людзей паглумілі,
А ў Варшаве Боскай Маткі
Образ подралі на шматкі,
Крыж з Хрыстусам парубалі,
А што люду настралялі3,
Як шатані, одпусць віны,
А ўсё без жаднэй прычыны:
За то, што люд хрысціяньскі
Шануе святы крыж Паньскі.
То нам Пан Буг дапаможа
Прагнаць маскалёў, нябожа.

Юзаф
Ах, дай, Божа, ах, дай, Божа!
Але як поляк, нябожа,
Не дасць мужыку апекі,
То мы згінем на век-векі!

Матэуш
Ой, не так, мой ты суседзе,
Семдзесят лет тому будзе,
Як паляк ўсяму народу
Хацеў было даць свабоду.
А маскаль як то дачуўся,
Зараз з немцам згаварыўся,
Дэй на поляка напалі
І ўсю землю адабралі,
Каб людзей не научылі
І вольнымі не зрабілі4.
Бо не было б з каго драці
І ў рэкруты каго браці.
А цяпер, як беду чуе,
То і вольнасць дэкляруе.

Юзаф
О, цяпер то ўсенка знаю
І што Бога прасіць маю,
Прасіць буду, каб Буг мілы
Прогнаць маскалёў даў сілы,
Каб больш крыжоў не ламалі,
Нас ў няволі не трымалі.
Бо нігды дабра не будзе,
Покі москаль рондзіць будзе.


No.2

Юзаф
Муй саколіку суседзе,
Мусі конец света будзе,
Бо ўжэ надта цар гуляе
І людзей, як псоў, страляе.
Чуваць, што ў рускай губэрні,
Гдзе народ быў яму верны,
Дзесяць тысяч расстралялі*
За то, што праўды іскалі1.
А ў Варшаве ўсе касцёлы,
Нават усе жыдоўске школы
Абадралі, абакралі
І люд з косцёлоў забралі
Дэй у няволю засадзілі,
Каб больш Бога не хвалілі2,
А ўсё па указу цара.
Можа, ён, нячыста вяра,
Антыхрыст, што, кажуць людзі,
Перад коньцом света будзе.
Бо ён вельмі круціць-муціць3,
Народ Божы баламуціць,
Сябе Богам называе,
Кто не верыць, тых страляе.

* Енарал Дрэнякін расстраляў дзесяць тысяч рускага народу ў Казанскай губэрні і за то яго зрабілі губэрнатарам у Гродне4.

Матэуш
Отож бачыш, мой міленькі,
Цар так глуміць народ ўсенькі,
Чы люд польскі, чы маскоўскі,
Каталіцкі, чы жыдоўскі,
Дзярэ скуру, то страляе,
То зноў ў Сібір высылае,
А за што, каб запытаці,
Сам не знаў бы, што сказаці.

Юзаф
Ой, то праўда, што маскалі
Мала скуры не задралі!
Даўней быў хлеб і да хлеба,
Была упраж, як патрэба,
Мукі і круп поўны фасы,
Поўны сверан быў акрасы.
Домік, праўда, быў старэнькі,
Да шчаслівы былі ўсенькі.
А як москале насталі,
То мы, як мышы, прапалі...
І зямля цяпер не родзіць,
Хоць пасееш, то не сходзіць,
А хоць зыйдзе, град папсуе,
І жывінка не шыхуе...

Матэуш
Чэму ж даўней ўсё радзіла,
Бо сызмы даўней не была,
Пана Бога ўсе хвалілі
І шчаслівы ўсенькі былі.
Даўней кажды быў багаты,
Бо плацілі з каждай хаты
По пяць злотых на падаткі,
А маскаль дзяре астаткі...
А які ён хітры, браце!
Каб лепей мог з людзей драці
І каб людзі то не зналі,
На няго не наракалі,
То ён з паноў драў што сілы,
А пан скуль возьме, мой мілы,
З мужыка пан мусіў драці
І царэві ўсё аддаці.
А каб Бог не злітаваўся
І за свой народ не ўзяўся,
Вялеў сызму завадзіці,
Каб нас ад Бога адбіці,
Так цяпер нас Бог карае
І ўсе беды насылае
За то, што мы заграшылі,
Боскай хвалы ўжэ забылі.

Юзаф
От як цар згубіў навекі,
З Боскай вырваў нас апекі.
То кто ж цяпер нам паможа!
Мусі згінемо, нябожа!

Матэуш
Отож послухай, міленькі,
Каб не былі дурні ўсенькі,
А крыкнулі ў адно слова:
Няхай Польска будзе знову,
Годзе тобе, цар пракленты,
Губіць народ Польскі свенты,
Браць рэкруты, драць падаткі,
Забіраць астаткі з хаткі5, -
То не мог бы ніц зрабіці
І мусяў бы уступіці.
А як то не зробяць людзі,
То свабоды ў нас не будзе,
Бо хоць паншчыну скасуе,
А як землю ачыншуе
Дэй палічыць рэкрутовэ
І падаткі, і чыншовэ,
І за душы мёртвы й жывы,
То што зробіш, нешчаслівы?

Юзаф
Зробім, дзядзьку, як сказалі,
А ў нас будзе рай,
Пойдуць проч ад нас маскалі,
Што нам Божа дай6.


No.3

Юзаф
Гэй, браточкі, загуляймы
Дэ вясёла заспяваймы;
Годзе тужыць, наракаці,
Пан не будзе скуру драці!

Матэуш
А муй Юзафе міленькі,
Які ты яшчэ дурненькі!
Рад, што цебе ашукалі
І нібы свабоду далі.

Юзаф
Эй, дзядзьку, не вымысляйце
І мяне вельмі не лайце!
Бо я не ўмею чытаці,
То скуль жа магу што знаці?

Матэуш
Праўда, што ты ні чытаці
Не умееш, ні пісаці,
То сваей бяды не знаеш
І рад, што пана не маеш.
Але каб на розум ўзяці
І парондне разабраці,
То за аднаго ліхога
Цяпер маем паноў многа1:
Бо старшыны і пісары,
Пасрэднікі, сакратары,
Асэсоры і спраўнікі,
І ўсе царске чыноўнікі,
Ўсё гэта паны пад намі,
Нешчаснымі мужыкамі.
А як крыўду мужык мае,
Можа, праўды дапытае?
Ой, не! муй ты нябожа!
Кажды выдзерэ, што можа;
А як не маеш што даці,
То не ўседзіш ў сваей хаце.

Юзаф
Праўда, што ўсе чыноўнікі
Вельмі круцелі вялікі;
Кажды дзерэ што сіл мае.
Мусі, того цар не знае?

Матэуш
Ой, цар ўсенька гэта знае
Дэй сам ешчэ памагае,
Бо ўсім своім сэнаторам,
Міністрам, губэрнаторам
Тысёнцамі плаціць грошы -
Таму больш, хто злодзей горшы,
Каб яму не прэшкадзалі
І з людзей драць памагалі.
Ото ж для гэтой прычыны
Мучаць люд без жаднай віны
І падаткі павышаюць,
І літосці ніц не маюць.
Яку ж ты свабоду маеш?
Расталкуй мне, як сам знаеш.

Юзаф
Дальбог, дзядзьку, я здурыўся
І з розмуму чыста збіўся,
Бо нам набрахаў асэсар,
Што ўжэ даў свабоду цэсар.

Матэуш
Праўда, паншчыны не будзе2,
То чы ўжэ свабодны людзі?
За то пану трэ плаціці,
А хоць пан не будзе біці,
Не дагодзі сакратару,
А як ён па прыгавору
Задасць тобе за дзве сотні,
Той й сабака з падваротні
Не забрэша «шкода, шкода» -
Отуж тобе і свабода!

Юзаф
Нашто ж аб'явілі людзям,
Што ўжэ мы свабодны будзем?

Матэуш
Бо ронд мусіў так зрабіці
І нам вольнасць аб'явіці,
А ты мысліў, з добрай волі?
Не! - Француз ў Севастополі
Як стаў Москву ваяваці,
Нашы крыўды памінаці,
То маскаль аж стаў прасіцца,
Каб француз перэстаў біцца.
А французы ім сказалі:
Каб народу вольнасць далі
І каб чэраз лет дванасьце
Браць рэкрута не меў ўласці3,
І каб войска мней трымалі,
І падатак мнейшы бралі,
Такжа Унію Святую
Каб вярнулі.

Юзаф
Што я чую!

Матэуш
Так маскаль лісэм падшыўся
І на ўсё нібы згадзіўся:
Вялеў солдат распусціці,
Людзям вольнасць аб'явіці
І рэкрута дараваці,
Каб француза ашукаці.
А як згоду ўжэ зрабілі,
То падаткі падвышылі,
І рэкрута ўзяці маюць4,
І свабоду адкладаюць
З року на рок, без прычыны.

Юзаф
Ото подлэ! ўражэ сыны!
А я мыслю, каб не даці
Маскалю рэкрута ўзяці?

Матэуш
І так трэба, каб не далі,
То бы французы пазналі,
Што цар не датрымаў слова,
І задалі б яму знова.

Юзаф
Чы ж другі раз француз прыйдзе?

Матэуш
Не бядуй! муй ты суседзе,
Ён ўжэ зачаў выбірацца,
Толька хоча распытацца,
Чы мы будзем памагаці
Маскаля згэтуль прагнаці.

Юзаф
Ах, дай, Божа, ах, дай, Божа!
Кажды пойдзе, кто з чэм можа:
Кто з сякерай, кто з касою,
Так як бы траву з расою
Касіць ворага што сілы!

Матэуш
Памажы нам, Божа мілы!


No.4

Юзаф
Ах, муй дзядзьку дарагенькі!
Цяпер то пазналі ўсенькі,
Што нас поганцы маскалі
Як хацелі ашукалі.
Мусі, паны падкупілі,
Каб мы паншчыну хадзілі.
То што цяпер нам рабіці
І як нам на свеце жыці?

Матэуш
Я чы ж я вам радзіў мала?
Калі ж вы дурні, як сала,
Не маглі таго паняці,
Што цар хоча ашукаці.
Бо каб хцеў вольносці нашай,
То бы ён зрабіў іначай
І подкупу1 не хацеў бы,
Але ўсім паном вялеў бы
Мужыкам зямлю аддаці,
І пан мусіў бы маўчаці.
Але цар аб нас не дбае
І на мыслі толька мае,
Каб як усіх ашукаці
І каб грошы больш надраці,
Бо ўжэ зголеў горш як горшы,
Колі жыды робяць грошы.
Скуль жа вы цяпер пазналі,
Што нас яны ашукалі?

Юзаф
Хіба дурань не пазнаў бы
Дэ яшчэ ім веры даў бы,
Бо гдзе ж земля, гдзе ж свабода,
Што даць мелі для народа?
Толька грамату прыслалі2
І вяляць, каб падпісалі,
Што ўжэ мы кантэнты ўсенькі,
Парадзьце нам, муй міленькі!

Матэуш
Кту ж вас прыняволіць можа?

Юзаф
Чорт якісьці, адпусць, Божа!
Губэрнатарам назваўся
І да людзей прывязаўся3.
А як зачаў круціць, лгаці,
Крычаць, прасіць, намаўляці,
Каб грамоту падпісалі,
Што свабоду ўжэ дасталі.
Але ж круцель4 горай жыда,
А які сярдзіты брыда,
Бо як ніц не мог зрабіці,
То зачаў людзей страшыці,
Што ён як нашле салдатаў
По дваццаць на кажду хату,
То ўсім скуру паздзірае.

Матэуш
Чы ж ён тыле войска мае,
Каб ўсіх мужыкоў на свеце
Біць мог як малыя дзеці?
З гэтых страхаў трэ смяяцца
І нічога не баяцца,
Бо як схопяць косы людзі,
То і конец Москве будзе.

Юзаф
То чаго ж нам доўга ждаці,
Маскалю кпіць пазваляці?

Матэуш
Калі хочам быць шчаслівы,
Трэба каб былі цярплівы, -
Да пары паном служыці
Альбо чыншы ім плаціці,
А як наша слоньца зыйдзе,
Як паляк з французам прыйдзе,
То тагды мы загуляем,
У остры косы як заграем,
То маскаль не будзе знаці,
Як і куды уцякаці.
І тагды ўжэ не паможа
Подкуп ніякі, нябожа,
А палякі за нагроду
Дадуць землю і свабоду,
І не будзе ашуканства,
Ані здзерства, ні падданства,
Бо весь люд, як ест на свеце
Ўсе адного Бога дзеці,
То і роўны будзем ўсенькі.

Юзаф
А муй дзядзюшку міленькі,
То чаго паляк чакае?

Матэуш
Бо паляк сумленне мае,
Хоча ўсенька разузнаці,
Каб злых людзей укараці;
Бо былі паны ліхія
І чыноўнікі такія,
Што мужыцке слёзы пілі
І з маскалём у згодзе жылі.
То палякі не даруюць, -
Ой, паны то добра чуюць!
Але і такія былі,
Што па-людску з людзьмі жылі,
То каб гэтакім, бронь Божа,
Крыўды не зрабіць, нябожа!
Бо ронд Польскі наш ўласцівы
Хцэ, каб ўсе былі шчаслівы. -
Отуж трэба аб'явіці:
Кто хоча шчаслівым быці,
То няхай прыгатаўляе
Ножы, косы, кто што мае,
Каб гатовы былі ўсенькі,
Бо, як відзіш, муй міленькі,
Так французы і палякі
Зададуць Маскве табакі,
А як ім памогуць людзі,
То ўсей бедзе конец будзе.

Аб'яўленне

Ронд Польскі аб'явіў маніфэстам5, што ўсім мужыкам скарбовым і панскім аддасць зямлю на вечную ўласнасць, і то зараз як толька маскалёў выжане. Да войска будзе браць з мужыкоў і зэ шляхты па аднаму з тысёнца і службы будзе толька шэсць лет6; а цар маскоўскі вялеў гэты маніфэст спыніць і, ніц нам добрага не зрабіўшы, вялеў узяць рэкрута па пяць з тысёнца, і то толька з мужыкоў.

Браткі мае! паслухайце мяне, старога мужыка, возьмемся за рукі і не даймы нашым дзеткам прападаць у Каўказе і ў Сібіры, без споведзі і бацькоўскага благаславенства, бо калі дамо, то нас Пан Буг пакарае!

Матэуш


ПЕСНЬ НА БОЖЫ ЧАС
(«Паўстанцкая песня»)

нутою: І шуміць і гудзе

Божый час, божый час
Завернуўся для нас;

Мужык вольно стаў спеваці,
Годзі, годзі прападаці.

Гдзе не глянь, гдзе не стань,
Валачыцься пагань.

Выганіць нам ею трэба,
Каб за тое дастаць неба.

Эй, Маскаль, ухадзі!
Альбо тут прападзі!

Ужэ нам тут не вымінеш,
Як сабака марне згінеш!

І хто пан вон ад вас!
У божый час, у божый час!

Бо мы роўныя з панамі,
Бо за вольнасць усе с касамі!

Чуваць крык у адзін тон:
Маскалёў ад нас вон!

Бо як брытвы косы маем,
Пагуляем, пагуляем!

Гурра га! гурра га!
Гдзе не глянь нашых цьма;

Гулі хлопцы, гулі, гулі
Каб мы вольнасць прывярнулі.

Канец


МАНІФЕСТ АДДЗЕЛА КІРАЎНІЦТВА
ПРАВІНЦЫЯМІ ЛІТВЫ ДА БЕЛАРУСАЎ

РОНД НАРОДОВЫЙ ПОЛЬСКОЙ

Польшча поднялася за вашу і свою свободу. Война з москалём веліка. Кроў ліецса усюду. Бог блогославіць. Скоро будзем вольны. Ронд польскі гэтым об'яуляець усім поусеместно, што зо дня об'яуленя гэтого маніхвэста усе рауны, усе сыны одной Польшчы, Ойчызны нашэй, што усем мужыкам оддаецьса на увесь век земля, якая была у іх ужывальносьці без жадной паньшчызны ні чыншу ні якого отроботку. Паробкам жэ, бобылям і кутнікам, которые пойдуць на москаля, даруецьса 5 моргоу землі з маёнткув скарбовых. Усе[м], што пойдуць в войско польское, доецьса шляхэцтво на век. Вера для усех свободная, як кто хочэ. Оніаты, которых пэрэвярнулі у праваслав'е, могуць вярнуць до своей веры. Подацей Цару плаціць, ні рэкрута даваць не трэба. Браты Бёлорусы, прышла пора добрая. Пр[а]чуцяжся і вы да, прызвавшы бога у помошч, браніце волі, зямлі і веры вашэй а бог вам допоможэ.

Года 1863 Мая 3 дня

У кажнэй хаце хараніце гэты маніхвэст, як грамату на свабоду праудзівую.


ЛІСТ АД ЯСЬКА-ГАСПАДАРА З-ПАД ВІЛЬНІ
ДА МУЖЫКОЎ ЗЯМЛІ ПОЛЬСКАЙ

Дзецюкі!

Калі Бог даў мне розум, то я вам буду радзіць, як рабіці трэба, каб было па справядлівасці і па праўдзе, а калі вы маеце розум, то мяне паслухайце.

Як толька запамятаюць нашыя бацькі, маскаль жыў адно ашуканствам і нячыстаю сілаю. Пакасаваў ён усё добрае, а ўстанавіў што адно можа выдумаць чартоўская хітрасць. Былі малыя падаткі, а ён, горла яго нясытае, устанавіў вялікія, якіх няма на цалюськам свеце; былі прывілеі Каралёў Польскіх, а цяпер гдзе яны? Сыноў нашых бяруць у рэкруты да і гоняць чорт ведае гдзе, каб прападалі марне, як сабакі. Народ гіне, не мае чым пражыці, рвуць як могуць, нігдзе не найдзеш ніякай справядлівасці, скасавалі нашу Уніяцку Веру, адарвалі нас сілаю ад праўдзівага Бога, уагналі1 ў вечнае патэнпене. Пад Севастополём, калі Пранцуз прыняволіў Маскаля даці нам вольнасць, то ён адно ашуканствам займаўся, прашло шэсць лет2 і мы ніякай вольнасці і ў очы не бачылі. Цяпер, калі Ронд Польскі аб'явіў, што зямлю мужыкоў панскіх і казённых аддае на вечнасць мужыкам, а хто не мае зямлі і пойдзе да паўстання, той дастане найменш тры моргі3, то цар маскоўскі выдаў маніфэст4, што мужык мусіць плаціць кожны рок вялікія грошы за сваю зямлю, што Ронд Польскі ім ужэ аддаў.

Дзецюкі! Калі цяпер Ронд Польскі, падняўшы паўстанне проціў маскаля, дае нам зямлю, справядлівую вольнасць і Веру нашых Бацькоў, калі Пранцуз, Англічанін5 і цэлы свет ідзе нам памагаці, калі, як шырока зямля наша, народ грамадою, хто зэ стрэльбаю, а хто з касою, ідзе на адвечнаго нашага6 непрыяцеля, маскаля паганаго, калі маскаль ад нашых кос агнём уцякае, чы ж мы, дзецюкі, сідзеці будзем? мы, што жывемо на зямлі Польскай, што ямо хлеб Польскі, мы, Палякі з векаў вечных. Трэба нарэсьці і нам прыйці да таго розуму, што адно сілою дай касою даб'емся справядлівай вольнасці і веры нашых дзядоў і прадзедаў.

Даволі7, дзецюкі, ужэ ждаці, настаў ужэ час, Божы час8! Хто за Рондам Польскім, таму праўдзіва Вольнасць, хто проціў яго, таму вечна няволя на гэтым і вечнае патэнпене на тамтам свеце! Выберайце што каму лепшае.

Што да мяне, то я вам, дзецюкі, кажу: бярэце за косы, гэта мая рада, а навекі расстанемся з маскалём паганым, з яго здзерствам, з яго сызмаю, з яго рэкрутчынаю, з яго сабачымі памерамі і аброкамі.

Яська-гаспадар з-пад Вільні



Крыніца:
Кастусь Каліноўскі. За нашую вольнасць.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1999.

Беларускі Кнігазбор
http://www.bk.knihi.com