|
КОНРАД ВАЛЕНРОД
Гістарычная аповесць
З «Апавядання вайдэлота1»
Глянь, ліцьвіны вунь едуць! Едуць з начнога набегу,
Са здабычай, што ўзята зброяй у замках ды ў цэрквах.
Сціжмы немцаў палонных ледзь паспяваюць за коньмі -
На іх шыях арканы, рукі ў іх звязаны моцна.
Зрок на Прусію кінуць - коцяцца з воч у іх слёзы,
Глянуць з страхам на Коўна - і толькі моляцца Богу.
Ёсць у горадзе Коўне пляц немалы Перуновы.
Там Літвы ўладары ўсе, з новай вярнуўшыся бітвы,
Паляць рыцараў-немцаў звеку на стосе ахвярным.
Смела едуць у Коўна два вунь палонныя толькі.
Першы - юны, прыгожы, ну а другі - пасівелы.
Ад крыжацкага войска самі яны падчас бітвы
Уцяклі да ліцьвінаў, дзе іх прыняў сам князь Кейстут2
Ды пад вартаю пільнай тут жа сказаў весці ў замак.
- Хто й адкуль вы? - пачаў ён там іх абодвух распытваць.
- Сам не ведаю, хто я, - гэтак адказваў малодшы, -
Нават імя не помню: дзіцем я немцамі ўзяты.
Помню толькі, што недзе ў месце вялікім літоўскім3
Дом стаяў наш бацькоўскі. З цэглы чырвонай, прасторны.
Места ж было ўсё драўляным. Помню, на ўзгорках стаяла.
А навокал узгоркаў цёмная пушча шумела.
У лясах тых бясконцых возера светла блішчала.
Шум аднойчы страшэнны нас пабудзіў сярод ночы.
Дзень у вокнах агністы ўбачыў я, шыбы трашчалі,
Дым клубіўся па гмаху, мы ўсе выбеглі з дому.
У агні ўвесь быў горад, іскры ляцелі пад неба.
Зычны крык тут пачуў я: «Немцы ў месце! Да зброі!»
Выбег бацька мой з мечам, выбег і больш не вярнуўся.
Немцы ў дом уляцелі. Вершнік пагнаўся за мною
І ўхапіў мяне з долу. Потым што стала, не знаю.
Толькі крык маёй маткі доўга йшчэ, доўга мне чуўся.
Не глушыў яго зброі бразгат, шуганне пажараў.
У вушах маіх немы крык той стаіць і сягоння.
І цяпер, калі ўбачу я дзе пажар, шум пачую,
Рэхам грому ў пячоры зноў адгукаецца крык той
У душы, уваскросшы. Вось што я толькі і помню
Пра Літву і радзіну. Часам я хіба ў трызненнях
Бачу любую постаць маткі, і бацькі, і браццяў.
Ды ўсё далей іх твары ўжо ад мяне адыходзяць,
І ўсё цямнейшай імглою іх засланяюцца рысы.
Дні дзяцінства ляцелі, жыў я між немцаў як немец.
Далі імя мне - Вальтэр, прозвішча Альфа ў прыдачу.
Ды пад імем нямецкім білася сэрца ліцьвіна,
Па сям'і ў ім застаўся жаль і да немцаў нянавісць.
Да сябе мяне ўзяў быў Вінрых, магістр крыжаносцаў4,
Ахрысціў мяне потым, песціў, як роднага сына.
Я ж тужыў у палацах і ўсё ўцякаў ад магістра
К вайдэлоту старому. Ён, вайдэлот наш, літоўскі,
Жыў даўно ўжо між немцаў, імі калісь паланёны.
Перагаворшчыкам быў ён у крыжакоў, у іх войску,
І калі ён дазнаўся, што сірата і ліцьвін я,
Да сябе мяне клікаў, пра Літву мне расказваў.
Мне душу, што балела, пераварочваў тады ён
Словам мовы айчыннай, гукамі роднае песні.
Ён вадзіў мяне часта сцежкай да сіняга Нёмна,
Дзе любіў я аглядваць мілыя горы айчыны.
А як пад замак ішлі мы, слёзы стары выціраў мне,
Каб не выклікаць імі там падазрэнняў. Ён помсту
Супраць немцаў распальваў. Помню, вярнуўшыся ў замак,
Нож вастрыў я таемна, з помслівай радасцю рэзаў
Дываны ды псаваў ім Вінрыхавыя люстэркі,
А на шчыт яго яркі кідаў гразёй ды пляваў я.
А як стаў юнаком я, са старым вайдэлотам
Часта плылі мы з Клайпеды лодкай пад бераг літоўскі.
Рваў я кветкі айчыны, і чараўнічы іх водар
У душы зноў абуджваў цьмяную згадку здалёку.
Ахмялелы тым пахам, зноў я вяртаўся ў маленства,
Зноў па бацькавым садзе бегаў з братамі малымі.
Вайдэлот памагаў мне ўспомніць наш дом, шчырым словам,
Прыгажэйшым за кветкі, ён маляваў край шчаслівы.
О як міла ў айчыне між сяброў і ўсіх родных
Я юнацтва б праводзіў! Колькі ж дзяцей так літоўскіх
На чужыне марнеюць, у кайданах крыжаносцаў!
Гэта чуў на лугах я. А на ўзбярэжжы Палангі,
Дзе грымотныя грудзі белае мора ўздымае
І пясок выкідае з пеністай пашчы шырокай,
Так стары гаварыў мне: «Бачыш лагі на ўзбярэжжы?
Як пясок аблажыў іх. Як духмяныя кветкі
Хочуць знізу прабіць тут гэты во саван смяртэльны!
Ах, дарэмна, бо зноўку сунецца гідра наносу,
Напаўзае на зёлкі, душыць падбеленым пузам,
Пашырае навокал дзікае царства пустыні.
Сыне! Рунь веснавая, што пад пяскамі так гіне, -
Гэта брацці ўсё нашы, родны народ наш, ліцьвіны.
А наносы ад мора - гэта ж той ордэн крыжацкі».
О як рвалася сэрца біць крыжакоў тады хіжых,
Як хацеў у Літву я! Толькі стары адгаворваў:
«Толькі рыцар свабодны, выбраўшы зброю свабодна,
Можа ў полі адкрытым біцца як з роўнымі роўны.
Ты ж нявольнік, і зброя толькі адна ў цябе - здрада.
Заставайся ж у немцаў, справе вайсковай вучыся,
Заваюй іх давер тут. Потым рабіць што - пабачым».
Я паслухаў старога, з войскам тэўтонаў падаўся.
Толькі ў першай жа бітве, ледзьве сцягі нашы ўбачыў,
Ледзь пачуў нашу мову, песню вайсковую люду,
Я рвануўся да нашых, клікнуўшы тут жа й старога.
Так і сокал, узяты гвалтам з гнязда яго ў клетку,
Як бы доўгай няволяй розум яго ні муцілі,
Ні вучылі, каб біў ён сокалаў-браццяў у бойках,
Ледзьве вырвецца ў неба, ледзь павядзе ён вачыма
Па нязмерных абшарах мілай блакітнай айчыны,
Ледзь дыхне вольнай воляй, шум сваіх крылаў пачуе, -
Лоўчы, кінь ужо ловы! - больш твой не вернецца сокал!
Скончыў хлопец, з увагай слухаў расказ яго Кейстут,
Слухаў разам з дачкою, юнай чароўнай Альдонай.
От і восень прыйшла ўжо. Дзень карацее імкліва,
І дачка Кейстутова вечарамі садзіцца
Між сясцёр і сябровак за самапрадку ці кросны.
Хутка спіцы мільгаюць - круцяцца ў такт верацёны.
І расказвае Вальтэр цуды аб землях нямецкіх
Ды аб сваёй маладосці. Што ні прыгадвае Вальтэр,
Ловіць вухам дзяўчына, у сваё сэрца ўбірае
І ў сваёй памяці носіць, нават у сне тое бачыць.
Там, за Нёманам, кажа Вальтэр, вялізныя замкі,
Носяць там гожыя ўборы, ладзяць цікавыя гульні.
На турнірах шматлюдных рыцары коп'і там ломяць,
З галерэяў дзяўчаты сочаць за імі з вянкамі.
Ён расказваў пра Бога, што валадарыць за Нёмнам,
Пра шчадроты і ласку мацеры Божага сына
І яе светлы вобраз на абразку ўсім паказваў.
Абразок той насіў ён сціпла на шыі заўсёды
І цяпер вось ліцьвінцы падараваў яго, рады.
Ён схіляў яе к веры, часта маліўся з ёй разам
І вучыў яе ведам, тым, што ў няволі набыў ён.
Навучыў яе нават быў і таму, чаго сам ён
Аніколі не ведаў: так, навучыў ён каханню.
Ды і сам з ёй вучыўся. О як ён слухаў з любімых
Вуснаў мову ліцьвінаў, родную мову дзяцінства!
З кожным словам ускрэслым быццам душа ажывала,
Нібы з попелу іскры, мілыя назвы ўсплывалі,
Саграваючы сэрца: крэўнасць і верная дружба
І яшчэ саладзейшы выраз: каханне, якому
На зямлі няма роўных, апроч слова - «Айчына».
1826-1827
|