О Матка Боская, што ў Чанстахове ў храме
Глядзіш спагадліва, што ў Вострай свеціш Браме,
Што беражэш Наваградак мой з верным людам!
Як ты ў жыццё мяне калісь вярнула цудам...
Так нас вярні з выгнання на зямлю Айчыны.
Перанясі душу маю адсюль, з чужыны,
Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных,
Над сінім Нёманам раскінутых, прымглёных,
Да тых палёў, размаляваных пад блакітам
Пшаніцай залатой ды серабрыстым жытам,
Тых, дзе свірэпка, як бурштын, у грэчцы белай,
Дзе рдзее дзятлавінка дзеўчынкай нясмелай,
А ўсё абведзена, бы стужкаю, мяжою
З ігрушай-дзічкай, што стаіць там сіратою...

Адам Міцкевіч.
Парыж, 1832


ПАДАННЕ ПРА ФІЛАМАТАЎ,
або Доля аднаго пакалення

Згуртаваў іх Віленскі ўніверсітэт.

На зазыўнае святло навук у гэтую адну з лепшых у Эўропе вышэйшую навучальную ўстанову былога Вялікага Княства Літоўскага, заснаваную ажно ў 1579 годзе езуітамі, кожную восень з'язджалася з глухіх, закінутых сярод палёў і лясоў беларускіх засценкаў і панскіх сядзібаў, гарадоў і мястэчак цікаўная шляхоцкая і не толькі шляхоцкая моладзь. Ва ўніверсітэце выкладаліся ўсе асноўныя навукі, працавалі тут даволі дасведчаныя, эўрапейскай вывучкі прафесары. Моладзі было ў іх чаму павучыцца.

Вядома ж, універсітэт не быў ізаляваны ад жыцця краіны, ад віхураў часу. Наадварот, ён заўсёды стаяў у самым цэнтры падзей, адыгрываў у іх сваю прыкметную ролю.

Асабліва ўзрасло яго значэнне ў пачатку ХІХ стагоддзя, калі ён стаў вучэбным і адміністрацыйным цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, якая ахоплівала ўсю Беларусь, Летуву і частку Ўкраіны.

Гэта быў час вялікай напружанасці ў нашым грамадстве, выкліканай разбойніцкім захопам зямель Рэчы Паспалітай трыма манархічнымі рэжымамі - Аўстрыяй, Прусіяй і Расеяй, якія па-драпежніцку падзялілі іх паміж сабой. Па ўсёй тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай шырыўся грамадскі рух за яе аднаўленне. Не мінуў ён і Беларусі, дзе яго актыўна падтрымлівала мясцовая шляхта, якая рашуча пратэставала супраць гвалтоўнага далучэння беларускіх зямель да Расейскай імперыі, гэтай агромністай «турмы народаў». Адным з асяродкаў барацьбы супраць палітыкі царызму якраз і быў Віленскі ўніверсітэт, дзе канцэнтраваліся ўсе інтэлектуальныя сілы Беларусі.

Увосень 1817 года два студэнты ўніверсітэта, Тамаш Зан з-пад Маладэчна і Адам Міцкевіч з Наваградка, якія ўжо рабілі свае першыя пробы пяра на літаратурнай ніве, надумалі заснаваць тайнае студэнцкае таварыства, каб аб'яднаць найбольш блізкіх сяброў па вучобе, што захапляліся літаратурай, філасофіяй, іншымі навукамі і ўвогуле праяўлялі ў нечым свае здольнасці. Мэтай згуртавання была ўзаемадапамога ў паглыбленні адукацыі, у творчым удасканальванні, грамадская праца для дабра заняволенай Айчыны. Свае ўяўленні пра характар таварыства і прынцыпы яго дзейнасці сябры выклалі ў статуце, напісаным трохі ў жартаўлівай форме. Відаць, тут не абышлося без уплыву вядомага віленскага Таварыства шубраўцаў (гулякаў), з якімі быў звязаны Тамаш Зан і якія ў сваім сатырычным часопісе «Wiadomoњci Brukowe» («Вулічныя навіны») смела крытыкавалі адмоўныя бакі жыцця больш за ўсё мясцовай арыстакратыі, паноў-прыгоннікаў, высмейвалі шляхоцкае невуцтва, розныя забабоны. Статут новага таварыства юнакі далі пачытаць свайму трохі старэйшаму сябру ўкраінцу Юзафу Яжоўскаму, вельмі сур'ёзнаму, даволі дасведчанаму ў філасофскіх і філалагічных навуках студэнту. Ён дапрацаваў статут, надаў яму большай сур'ёзнасці. Без асаблівага вагання згадзіўся ён і з прапановай узначаліць арганізацыю.

І вось 1 кастрычніка 1817 года адбылося першае пасяджэнне студэнцкага згуртавання. На ім сабраліся шэсць маладых хлопцаў, якія і ўтварылі Таварыства. Старшынёй (альбо прэзідэнтам) выбралі Юзафа Яжоўскага, намеснікам старшыні (віцэ-прэзідэнтам) і адначасова касірам - Эразма Палюшынскага, сакратаром - Тамаша Зана. Сябрамі згуртавання сталі Адам Міцкевіч, Ануфры Петрашкевіч і Бруна Сухецкі. Назвалі студэнты сваю арганізацыю - Таварыства філаматаў (сяброў навук). Назву далі невыпадкова. Таварыства такога ж накірунку ўжо існавала ва ўніверсітэце гадоў дзесяць назад. Актыўны ўдзел прымаў у ім любімы студэнтамі прафесар, славуты гісторык і грамадскі дзеяч Іяхім Лялевель, які тады вучыўся ва ўніверсітэце. І называлася яно Навуковае, а потым - Філаматычнае таварыства - па аналогіі з вядомым у гісторыі Філаматычным таварыствам, што дзейнічала ў Францыі напярэдадні і ў час Вялікай французскай рэвалюцыі.

На сваім пасяджэнні сябры створанай арганізацыі перш за ўсё абмеркавалі пытанне пра Таварыства. Яны пагадзіліся прымаць у арганізацыю толькі надзейных і правераных сяброў па вучобе. Студэнты задумалі Таварыства як змацаваную асабістым сяброўствам сям'ю аднадумцаў, якую стваралі, паводле выказвання Юзафа Яжоўскага, «не на хвілю, не дзеля мімалётнай забавы, а на ўсё жыццё». Нават у статуце падкрэслівалася, што філаматы, якая б ні напаткала іх пасля доля, куды б яна іх ні закінула, застаюцца сябрамі Таварыства назаўсёды, што, як убачым далей, яны і даказалі ў жыцці.

Пры ўступленні ў Таварыства малады чалавек павінен быў адказаць пісьмова на цэлы шэраг пытанняў і падаць падрабязную аўтабіяграфію. Абавязковай была і рэкамендацыя аднаго з сябраў згуртавання. Новы сябра Таварыства даваў клятву, што будзе выконваць усе абавязкі, ускладзеныя на яго статутам. Каб не памыліцца ў падборы новых сяброў, каб мець большую ўпэўненасць у іх надзейнасці, філаматы пастанавілі ўвесці пераходную прыступку да ўступлення ў іх сям'ю: навічкі залічваліся на колькі месяцаў у «члены-карэспандэнты», якія хоць і мелі права прымаць чынны ўдзел у навуковых пасяджэннях Таварыства нароўні з усімі філаматамі, але не маглі пакуль што выбірацца на адміністрацыйныя пасады.

У выніку такіх абмежаванняў Таварыства расло не хутка. Затое прыходзілі сюды папраўдзе годныя, неардынарныя маладыя людзі. 4 лістапада таго ж года былі прыняты Францішак Малеўскі і Зыгмунт Навіцкі, якіх рэкамендаваў Адам Міцкевіч. Праз тры тыдні арганізацыя папоўнілася яшчэ адным сябрам - Юзафам Кавалеўскім. 16 красавіка 1818 года ў яе залічылі Яна Чачота, выдатную рэкамендацыю якому даў зноў жа Адам Міцкевіч, яго школьны сябар. У тым жа годзе стаў сябрам Таварыства Тэадор Лазінскі. За ім, ужо ў 1819 годзе, згуртаванне папоўнілі Дзіянісій Хлявінскі, Дамінік Ходзька, Казімір Пясецкі, Ігнат Дамейка, Ян Сабалеўскі, Міхал Рукевіч. У 1820 годзе ў Таварыства прыйшоў Вінцэнты Будрэвіч, а вясной 1822 года - Станіслаў Казакевіч. Вось і ўсе сябры Таварыства філаматаў. Праўда, тры з іх - Бруна Сухецкі, Эразм Палюшынскі і Зыгмунт Навіцкі - у 1821 годзе з розных прычынаў былі выключаны з філамацкай сям'і. Усе ж астатнія да канца сваіх дзён заставаліся сябрамі Таварыства філаматаў.

Мэты Таварыства вызначаліся ў яго статутах. Калі ў статуце, прынятым на першым пасяджэнні, філаматы дэкларавалі творчае ўдасканаленне і ўзаемадапамогу ў набыцці ведаў, то ўжо ў новым, прынятым у 1818 годзе, статуце яны ставілі перад сабой больш шырокія задачы. Цяпер Таварыства павінна было садзейнічаць «па меры магчымасці ўсеагульнай асвеце». Праз асвету філаматы намерваліся рыхтаваць грамадства да змагання за вызваленне Бацькаўшчыны ад царскага самаўладства, пра што, вядома ж, у статуце не гаварылася.

І ўсё ж яшчэ доўгі час самаадукацыя, узаемадапамога ў літаратурнай творчасці і ў навуковых даследаваннях стаялі ў філаматаў на першым месцы. Шырокую асвету ў краіне яны, натуральна, пачыналі з сябе. Згодна са статутам, «кожны з чынных сябраў на працягу чатырох тыдняў мусіў падрыхтаваць адну працу - арыгінальную ці пераклад, вершам ці прозай, сур'ёзную, навуковую ці вясёлую, прызначаную для пагулянак». Так, для пагулянак. Гэта падкрэслівалася невыпадкова. Пагулянкам, розным урачыстасцям філаматы надавалі немалое значэнне для ўмацавання Таварыства, для пашырэння сваіх ідэй. Яны наладжвалі за горадам маёўкі, розныя святкаванні. Вельмі шумна адзначалі дні нараджэння. Да гэтых урачыстасцяў рыхтаваліся грунтоўна, складалі цэлыя сцэнары абходзін, часцей за ўсё вершаваныя. Тут асабліва праявіў сваё майстэрства Ян Чачот, які часам пісаў такія сцэнары на беларускай мове, што вельмі прыхільна сустракаліся філаматамі. На вершы ў гэтых сцэнарах складаў музыку Тамаш Зан. Рытуальнай, напрыклад, стала песня на беларускія словы Яна Чачота «Што мы вашэці скажам...», якую філаматы спявалі на кожнай урачыстасці. Спяваліся і польскамоўныя песні. Напрыклад: «Хай радасць з вачэй нашых блісне...» Адама Міцкевіча, «Што старыя за вар'яты!» Яна Чачота і іншыя. Адзін раз на тыдзень філаматы збіраліся на так званыя «навуковыя пасяджэнні», дзе чыталі свае навуковыя даследаванні, паэтычныя творы. Тут жа выступаў хто-небудзь з рэцэнзіямі на іх, падрыхтаванымі загадзя. Потым ішлі дыскусіі, спрэчкі, у час якіх кожны мог выказаць сваю думку. Заканчваліся спрэчкі галасаваннем, якім ухвалялі ці адхілялі прачытаную навуковую працу альбо мастацкі твор.

Аб шырыні інтарэсаў філаматаў, размаху іх навуковай і творчай працы сведчыць даволі аб'ёмісты спіс прачытаных і абмеркаваных на пасяджэннях навуковых даследаванняў і паведамленняў паводле матэрыялаў прэсы, а таксама літаратурных твораў. Назавём толькі некаторыя з іх: «Праванская паэзія», «Пра Сафокла», «Пра класіцызм», «Пра дзве разнавіднасці ўлады» Юзафа Яжоўскага; «Нататкі пра стан прыгожых мастацтваў на Літве», «Пачатак і развіццё філасофіі», «Вытокі дабрачыннасці» Францішка Малеўскага; «Палюцыі», «Пра ўсемагутнасць Бога» Эразма Палюшынскага; «Уплыў рэлігіі грэкаў на грамадства ў гераічныя часы», «Прычыны заняпаду Рыма», «Жыццё і школа Піфагора» Зыгмунта Навіцкага; «Пра характары» Бруна Сухецкага; «Пра эпапею», «Пра важнасць вынаходства друкарскага станка» Юзафа Кавалеўскага; «Матэматычныя навукі», «Пачатак і развіццё драматычнай паэзіі» Тамаша Зана; «Пра оперу», «Вясковыя праходкі» Адама Міцкевіча; «Пра становішча сялян», «Апісанне падарожжа на Валынь і Ўкраіну», «Выклад гіпотэз пра хвастатыя каметы», «Выклад гіпотэз пра плямы на Сонцы» Тэадора Лазінскага; «Гісторыя вышэйшай улады ў Літве», «Пра габраяў» Казіміра Пясецкага; «Эканоміка», «Пра падаткі» Дзіянісія Хлявінскага; «Кароткі выклад палітыкі Філіпа, македонскага караля» Міхала Рукевіча; «Пра электрычнасць» Ануфрыя Петрашкевіча; «Вылічэннне некаторых мінералагічных сістэм» Яна Сабалеўскага.

Слухаліся і абмяркоўваліся на гэтых пасяджэннях таксама многія паэтычныя творы Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча і іншых паэтаў-філаматаў.

Зразумела, якая гэта была выдатная школа для маладых людзей. Яна прывучала іх творча мысліць, удасканальваць сваё паэтычнае майстэрства, развіваць навуковыя здольнасці, не кажучы ўжо пра элементарнае пашырэнне і паглыбленне ведаў.

Аб'ём навуковай працы вымагаў адпаведных арганізацыйных формаў. І філаматы знаходзяць гэтыя формы. Ужо ў 1818 годзе яны падзяляюцца на два аддзелы: аддзел літаратуры і вызваленых навук і аддзел фізікі, матэматыкі і медыцыны. Першы аддзел узначаліў Адам Міцкевіч, другі - Ануфры Петрашкевіч. Кожны аддзел збіраўся на свае «навуковыя пасяджэнні» роўна праз два тыдні і яшчэ адзін раз на месяц - на арганізацыйны сход. Праз кожныя два месяцы абодва аддзелы збіраліся на агульнае пасяджэнне. Былі яшчэ «вялікія» пасяджэнні, якія склікаліся адзін раз на год і на якіх выбіралася кіраўніцтва аддзелаў і агульны «ўрад».

Філаматы добра разумелі, што каб лічыцца адукаванымі людзьмі, кожны з іх павінен быў ведаць некалькі замежных моваў. Таму ў дадатак да таго, што вывучалася ва ўніверсітэце, яны арганізуюць яшчэ спецыяльныя курсы для вывучэння англійскай і нямецкай моваў, імкнуцца дасканала авалодаць імі. Апрача таго, многія філаматы добра ведалі французскую мову, не кажучы ўжо пра латынь, якую вывучалі ў школе.

Асаблівае значэнне надавалі філаматы вывучэнню роднага краю. Дзеля яго і распачалі сваю дзейнасць, за яго лепшую долю і змагаліся. Для сістэматычнага і шырокага збору сама розных звестак пра родны край з ініцыятывы Францішка Малеўскага быў створаны Статыстычны камітэт, у які ўвайшлі некалькі філаматаў. На аснове прапаноў сябраў гэтага камітэта яго старшыня Францішак Малеўскі разам з Міхалам Рукевічам склалі спецыяльную інструкцыю для збірання «статыстычных» звестак з тэрыторыі ўсяго былога Вялікага Княства Літоўскага - называлася яна «Геаграфічнае апісанне, ці Інструкцыя ў збіранні звестак для вывучэння парафіі». Яе, як паведамляў потым сенатар Мікалай Навасільцаў вялікаму князю Канстанціну, філамат Ян Чачот і сябра Таварыства філарэтаў Юндзіл «без одобрения цензуры напечатали секретно в ночное время в виленской базилианской типографии, подкупив там на сей конец наборщиков, поелику префект той типографии без цензуры печатать не согласился... Сии таким образом напечатанные инструкции раздавались в 1821 году Чечетом и Малевским всем членам филаретского общества, выезжавших в вакационное время из Вильны». Згодна з гэтай «Інструкцыяй», філаматы і філарэты па выездзе ў родныя мясціны павінны былі даць падрабязнае апісанне сваёй парафіі, асвятліўшы такія пытанні: геаграфічнае становішча, велічыня тэрыторыі, рэльеф мясцовасці, дарогі, рэкі, каналы, клімат, саслоўі насельніцтва, нацыянальны склад, веравызнанне, гаспадарка, асвета, звычаі і абрады. Акрамя гэтага, інструкцыя патрабавала адказаць яшчэ на шэраг пытанняў: на якой мове размаўляюць розныя слаі насельніцтва, якія сямейныя і гадавыя спраўляюцца святы і ўрачыстасці і як спраўляюцца, якія бытуюць забабоны, у што людзі апранаюцца, якое ў іх жыллё, грамадскія звычаі, сямейныя ўзаемаадносіны. У «Апісанні» падкрэслівалася, што ўсе гэтыя звесткі патрэбны для таго, каб айчынная навука абапіралася на свае факты, а не на звесткі замежных краёў, каб яна станавілася на ўласны грунт.

Апісанні парафій, зробленыя філаматамі і філарэтамі, на жаль, не захаваліся. Вядома толькі, што на аснове пытанняў «Інструкцыі» такую працу прарабілі Міхал Рукевіч на Беласточчыне, Станіслаў Казакевіч у Завілейскім павеце, Тэадор Лазінскі ў Жытоміры.

У вывучэнні роднага краю філаматы асаблівую ўвагу звярталі на асвету, яе стан, на школы. Прытым яны не абмяжоўваліся тут толькі зборам звестак, але і самі імкнуліся практычна памагаць пашырэнню адукацыі народа. Усё-такі асвета была галоўнай часткай іх дзейнасці. Філаматы нават самі пачыналі ствараць школы. Тут асабліва вызначыўся Францішак Малеўскі, які арганізаваў ланкастарскую школу для сялян у Шчорсах на Наваградчыне і які імкнуўся праз друк пашырыць новы метад навучання.

Наогул не могуць не здзіўляць маштабы планаў Таварыства філаматаў у пашырэнні асветы. Маладыя людзі бяруцца нават за стварэнне падручнікаў для школ, наогул для народнай адукацыі, распачынаюць працу над галіновымі энцыклапедыямі. Для гэтага яны размяркоўваюць паміж сабой важнейшыя навукі. Так, Ян Сабалеўскі і Тэадор Лазінскі павінны былі сабраць матэрыял для энцыклапедыі прыродазнаўчых навук, Тамашу Зану і Вінцэнту Будрэвічу даручалася падрыхтаваць матэрыялы па матэматыцы, Францішак Малеўскі ўзяўся за распрацоўку правазнаўства, Юзаф Яжоўскі - філасофіі. Праўда, такія няпростыя задумы філаматы не паспелі ажыццявіць.

Для пашырэння сваіх ідэй філаматы з самага пачатку дзейнасці сур'ёзна думаюць пра стварэнне ўласнага перыядычнага выдання, на першым часе штогодніка, дзе яны мараць змяшчаць свае навуковыя працы і літаратурныя творы. Непасрэдна да арганізацыі выдання яны прыступілі ў 1821 годзе. Прыдумалі ўжо і назву - «Геба». Спецыяльна для «Гебы» напісалі свае творы тады ўжо славутыя філамацкія паэты Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ануфры Петрашкевіч. Але і тут ажыццявіць задуманае філаматам не ўдалося. Прызначаныя для «Гебы» творы паэты-філаматы аддалі ў віленскую перыёдыку. Што ж да навуковых трактатаў, то яны засталіся ў рукапісах і, магчыма, пыляцца дзе-небудзь на архіўных паліцах і сёння, калі зусім не загінулі.

Нягледзячы на канспіратыўнасць згуртавання, філаматы ў сваёй дзейнасці не замыкаліся ў яго рамках. Паставіўшы перад сабой вялікія задачы асветы народа, яны імкнуцца супрацоўнічаць з іншымі апазіцыйнымі ўладам арганізацыямі. Дзеля гэтага звязваюцца з шубраўцамі, масонамі, з віленскім згуртаваннем польскага Патрыятычнага таварыства, але нікому не дазваляюць умешвацца ў свае справы, праводзячы самастойную палітыку. Як сведчаць факты, філаматы завязвалі кантакты з дзекабрысцкімі арганізацыямі, вялі перагаворы наконт гэтага з іх прадстаўніком Аляксандрам Бястужавым у час яго прыезду ў Вільню.

Для ажыццяўлення шырокіх мэтаў асветы народа філаматы імкнуліся ствараць паводле свайго ўзору больш прадстаўнічыя арганізацыі, беручы кіраўніцтва імі ў свае рукі. Вельмі настойліва выступаў за пашырэнне такім спосабам дзейнасці Таварыства Адам Міцкевіч, які склаў цэлую праграму арганізацыі ў згуртаванні моладзі, распрацоўваў канкрэтныя іх задачы.

Якраз з ініцыятывы Адама Міцкевіча яшчэ ў 1819 годзе было ўтворана першае адгалінаванне Таварыства філаматаў - Саюз сяброў, у які за год уступілі 30 студэнтаў Віленскага ўніверсітэта. Адам Міцкевіч напісаў для яго і статут. Згодна з ім, кіраўніком Саюза павінен быў стаць хто-небудзь з філаматаў. Галоўная мэта яго - самаадукацыя і маральнае ўдасканаленне «сяброў». Меркавалася праз Саюз сяброў папаўняць само Таварыства філаматаў, пра існаванне якога не павінны былі ведаць нават сябры створаных ім арганізацый. З 1822 года сябраў гэтага Саюза пачалі называць філадэльфістамі (браталюбцамі).

Сярод філаматаў былі спробы стварыць і іншыя прадстаўнічыя арганізацыі. Так, Тэадор Лазінскі на аснове літаратурнага гуртка студэнтаў Віленскага ўніверсітэта арганізаваў Навуковае таварыства, Францішак Малеўскі - Саюз маладых адвакатаў, Тамаш Зан - Саюз айчынных натуралістаў, Ануфры Петрашкевіч спрабаваў стварыць згуртаванне «масістаў» - працаўнікоў канцылярыі для ўпарадкавання спадчыны Радзівілаў - пад назвай «Рэчпаспалітая». Міхал Рукевіч з Францішкам Малеўскім рабілі спробу ўтварыць Саюз літоўскай моладзі. Але моладзь з невялікай ахвотай ішла ў палітыку, не заўсёды імкнулася «сушыць мазгі» рознымі навукамі.

Для таго каб прывабіць моладзь, трэба было знайсці нешта больш цікавае. Тут праявіў свае арганізатарскія здольнасці і кемлівасць вясёлы і таварыскі Зан. Ён намерыўся арганізаваць згуртаванне, мэтай якога хаця б напачатку было толькі адно маральнае ўдасканаленне, не абцяжаранае навуковымі задачамі. Задуманую арганізацыю Тамаш Зан назваў - Таварыства прамяністых. Сэнс «прамяністасці» ён растлумачваў так: кожны добразычлівы, высокай маралі чалавек выпраменьвае святло і тым самым дабратворна ўздзейнічае на іншых. Інакш кажучы, Таварыства прамяністых - гэта згуртаванне тых, хто імкнецца быць высокамаральнымі, духоўна багатымі людзьмі. Філаматы сфармулявалі 15 правіл, якіх павінны былі прытрымлівацца прамяністыя. Адно з правіл, напрыклад, даводзіла, што вялікім крокам на шляху да маральнага ўдасканалення маладога чалавека з'яўляецца «прыхільнасць да айчыннай зямлі». А наступнае правіла канкрэтызавала гэта: «Прыхільнасць да айчыннай зямлі ў тым, каб жадаць дабра суайчыннікам кожнага стану і ўсяму народу наогул, захоўваць карысныя звычаі сваіх бацькоў, любіць прыродную мову і вывучаць яе, помніць славу і подзвігі продкаў і ў меру сілы сваёй і стану памнажаць іх».

Форму дзейнасці Таварыства Зан выбірае сама простую і прыцягальную - маёўкі, агульныя пагулянкі, з выкарыстаннем урачыстых, часам таямнічых рытуалаў.

На арганізацыйным пасяджэнні было выбрана кіраўніцтва Таварыства. Старшынёй яго, «архіпрамяністым», стаў Тамаш Зан, «канцлерам» - Ануфры Петрашкевіч, «вялікім маршалкам» - Тэадор Лазінскі, «надворным радцам» - Казімір Пясецкі. Былі выбраны яшчэ пяць «камергераў» - для сувязі паміж рознымі групамі Таварыства.

Каб адвесці падазрэнні ўлад ад сапраўдных намераў згуртавання (праз яго філаматы меліся праводзіць свае ідэі), Юзаф Яжоўскі прапанаваў называць яго яшчэ - Таварыства сяброў карыснай забавы.

Першая маёўка адбылася за Вільняй 6 траўня 1820 года. Была яна добра падрыхтавана. Адкрыў маёўку Тамаш Зан, які выступіў са спецыяльна напісанай да яе вершаванай прамовай. За ім прачытаў «Малітву прамяністых» Міхал Рукевіч. Пасля выступленняў філаматаў моладзь пайшла, згодна з рытуалам, «піць малако». Гэта была своеасаблівая вясёлая, толькі безалкагольная бяседа, дзе гучалі вершы, прамовы, спевы, жарты. Там жа наладжваліся гульні.

Пра новую арганізацыю гаварылі ўсе студэнты ўніверсітэта, віленская моладзь. Згуртаванне многім прыйшлося даспадобы, і яно вельмі хутка расло. Праз колькі часу пасля першай маёўкі Ян Чачот пісаў Адаму Міцкевічу ў Коўна, дзе той настаўнічаў, не парываючы з Таварыствам філаматаў: «Ужо ў нас каля паўтары сотні прамяністых, а на мінулай сходцы было недзе каля ста дваццаці. Шторазу лічба павялічваецца, многія былі з тых нават, якія супраць нас выступалі... радуе нейкае ўсеагульнае жаданне не да часовага, а да сталага згуртавання - такое аб'яднанне можа даць надзвычайныя вынікі». Падкрэсліваючы дабратворны ўплыў згуртавання на маральнае ўдасканаленне моладзі, на паводзіны студэнтаў, Чачот далей расказваў сябру: «Нездарма ж цяпер на лекцыі фізікі ціха, як у вуху! Найгоршыя свавольнікі... нават на лекцыях прафесара, з якога можна пасмяяцца, сядзяць, як быццам іх і няма! У касцёле... усе паводзяць сябе сціпла... Такі вось вялікі ўплыў некалькіх на непараўнальна большую масу людзей, так бярэцца ўсімі добры прыклад. Рэктар бязмежна рады з прамяністасці, найбольш радуе яго нечуваная перамена ў касцёле. Тамаш быў у яго, расказваў яму пра мэты прамяністых; ласкава прыняты, атрымаў запэўненні ў спрыянні нам».

І ўсё ж масавасць згуртавання напалохала ўніверсітэцкія ўлады. Баючыся трапіць у няміласць да расейскіх улад, рэктар Сымон Малеўскі загадвае распусціць Таварыства.

Філаматы, падначаліўшыся рэктарскаму загаду, усё ж вырашаюць узнавіць гэтае даволі прадстаўнічае згуртаванне, зрабіўшы яго тайным і памяняўшы назву. Такім чынам адкрытае Таварыства прамяністых пераўтварылася пасля роспуску ў тайнае Таварыства філарэтаў (прыхільнікаў маральнай чысціні). Узначаліў яго зноў жа «архіпрамяністы» Тамаш Зан. У новае аб'яднанне залічылі толькі найбольш надзейных і адданых яму. Пашырыліся і задачы абноўленай арганізацыі. Цяпер яе сябры не абмяжоўваліся толькі маральным удасканальваннем. Узяліся і за ўласную асвету, самаадукацыю.

Паколькі «навуковая праца» рабілася цяпер адной з найважнейшых у Таварыстве філарэтаў, яно было падзелена на чатыры асноўныя аддзелы, якія адпавядалі факультэтам універсітэта: першы - матэматычна-фізічны, які ў сваю чаргу падзяляўся на тры саюзы - Зялёны, Ружовы, Малінавы, другі - юрыдычны (Белы і Ліловы саюзы), трэці - літаратурны (Блакітны саюз), чацвёрты - медыцынскі (Сіні саюз). Кожны аддзел і яго падраздзяленне (саюз) выбіралі сваіх кіраўнікоў.

Найбольшую актыўнасць праявілі аддзелы юрыдычны, якім кіраваў брат Адама Міцкевіча Аляксандар, і літаратурны на чале з энергічным Янам Чачотам.

Пашыраючы сваю дзейнасць, Таварыства філаматаў імкнулася арганізоўваць філарэцкія філіі на ўсёй тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Такія філіі спрабаваў стварыць у родным Наваградку і ў Коўне Адам Міцкевіч, у Шчучыне - Ануфры Петрашкевіч. Але філаматы сутыкнуліся тут з вялікімі цяжкасцямі, галоўная з якіх была канспірацыя. Усё ж аднаму з іх, Міхалу Рукевічу, удалося арганізаваць даволі дзейсныя філарэцкага тыпу таварыствы ў Беластоку і ў Свіслачы, якія потым падтрымалі выступленне дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы ў Пецярбурзе.

Вядома, такая шырокая дзейнасць філаматаў і філарэтаў не магла быць не заўважана ўніверсітэцкімі ўладамі. Дачуўся пра яе і куратар Віленскай навучальнай акругі князь Адам Чартарыйскі. Ён добра разумеў, якую небяспеку тоіць у сабе наяўнасць якіх бы там ні было студэнцкіх згуртаванняў. Таму ў сакрэтным лісце рэктару ўніверсітэта Сымону Малеўскаму 3 лістапада 1821 года куратар настойліва наказваў не дапускаць іх ва ўніверсітэце. Аднак Малеўскі не змог ліквідаваць тайныя згуртаванні студэнтаў, сярод якіх быў і яго сын Францішак Малеўскі. Толькі вясной 1822 года, калі ў Вільню меўся прыехаць цар, прафесар Юзаф Твардоўскі, якому Тамаш Зан прызнаўся пра існаванне Таварыства філарэтаў, параіў распусціць яго. Давялося паслухаць паважанага прафесара - Таварыства было часова распушчана, архіў спалены. Тым больш што пра існаванне філарэтаў, якіх усё яшчэ называлі прамяністымі, хадзілі ва ўніверсітэце глухія чуткі. Якраз у гэты час у Вільню наведаўся і князь Чартарыйскі. Каб скончыць справу з філарэтамі-прамяністымі, ён прызначае спецыяльную камісію для выяўлення іх дзейнасці. Хоць і быў знойдзены нейкі «кампрамат», усё ж камісія палічыла за лепшае затушаваць справу. Не ўзбуджаў яе і Твардоўскі, які стаў увосень 1822 года рэктарам універсітэта замест Малеўскага.

Таварыства філарэтаў ізноў давялося распускаць. Але неўзабаве Тамаш Зан пачаў узнаўляць яго, толькі дзейнасць арганізацыі трэба было яшчэ больш засакрэчваць. Са снежня 1822 года Таварыства працягвала сваю працу.

У гэтых умовах філаматы вырашылі рэарганізаваць сваё згуртаванне, яны шмат дыскутавалі, як палепшыць яго дзейнасць.

Невядома, у якім кірунку пайшла б далей дзейнасць філаматаў і філарэтаў, як бы шырока яна разгарнулася, калі б не тыя чорныя хмары, якія нечакана навіслі над імі, і не той выпадак, што стаў фатальным у гісторыі віленскіх згуртаванняў моладзі.

3 траўня 1823 года ў гадавіну ліберальнай Канстытуцыі 1791 года вучань пятай клясы Віленскай гімназіі Міхал Плятэр напісаў крэйдай на дошцы: «Няхай жыве Канстытуцыя 3 траўня!». Другі вучань дадаў: «О, які мілы для ўсіх нас успамін!» І яшчэ: «Але няма каму пра гэта ўспомніць». Пра гэта было дакладзена вялікаму князю Канстанціну ў Варшаву. Вялікі князь даручыў разабрацца ва ўсім сенатару Мікалаю Навасільцаву. Пачалося следства, у час якога Навасільцаву ўдалося натрапіць на след філарэтаў. Быў арыштаваны сябра Таварыства філарэтаў Ян Янкоўскі. Спалохаўшыся пакарання, ён расказаў пра Таварыства і ўдаў усіх яго сябраў. Пачаліся масавыя арышты. Вось як расказвае пра гэта ў рапарце вялікаму князю Канстанціну пазней, 13 траўня 1824 года, сенатар Навасільцаў: «Из совокупных их показаний был составлен список всем филаретам, у сего под буквою А. прилагаемый и содержащий всего 166 лиц. По сделанным от меня тогда распоряжениям собраны были в Вильну 85 человек, из числа коих каждый содержался в монастырях в особой кельи, под строгим военным караулом, а председатель общества содержался и еще содержится в тюремном замке. Прочие же, отысканные под конец настоящего следствия, допрашивались в комиссии без содержания в аресте, с обязанием токмо каждого подпискою, что до решения дела никуда не отлучится из города и о том, о чем будет допрашиваться и что отвечал на вопросы, никому объяснять не будет. Затем местопребывание некоторых членов и по сие время не открыто, мимо старания полиции и бывших с разными властями переписок... По отобрании же вопросов от всех, имеющихся налицо, членов общества оказалось, что из числа оговоренных действительно принадлежали к обществу 108 человек, предлагалось к принятию, но не поступило в оное или вовсе не принадлежало 27 человек, да не отыскано к следствию 31 человек...».

Дарэчы, «именной список», апублікаваны разам з рапартам Навасільцава ў кнізе Фёдара Вяржбоўскага «К истории тайных обществ и кружков среди литовско-польской молодежи в 1819-1823 гг.» (Варшава, 1898), дае магчымасць бліжэй пазнаёміцца з усімі сябрамі Таварыства філарэтаў, бо ў тым спісе ёсць пра іх кароткія біяграфічныя звесткі. З іх відаць, што гэта былі вельмі маладыя людзі, пераважна 17 - 25 гадоў. І ў асноўным - беларуская моладзь. Так, са 135 чалавек, дапытаных камісіяй Навасільцава, з Беларусі (Віленская, Гарадзенская, Магілеўская, Менская губерні і Беластоцкая вобласць) было 113 чалавек. З Каралеўства польскага - усяго 6, з Украіны, пераважна з Валыні - 16. Такім чынам, тут дакументальна паказваецца, што Таварыства філарэтаў - гэта ў сваёй аснове згуртаванне беларускай моладзі. Тое ж самае можна сказаць і пра Таварыства філаматаў, дзе, як заўважыў А. Луцкі ў кнізе «Таварыства філаматаў» на польскай мове (Кракаў, 1924), «адзіным неліцьвінам» быў украінец Юзаф Яжоўскі.

Зняволеным філарэтам, якіх напачатку ахапілі адчай і поўная разгубленасць, праз нейкі час удалося хай не разарваць, ды ўсё ж паслабіць свае путы. Памаглі ім у гэтым сябры і знаёмыя, што засталіся на волі, ды і ўсе, хто спачуваў філарэтам. А спачувала ім уся Вільня, якая была ў шоку, калі дачулася пра арышт моладзі. Быў наладжаны збор сродкаў для зняволеных. Філамат Ануфры Петрашкевіч, які нейкім чынам пазбегнуў арышту, арганізаваў спецыяльны камітэт дапамогі сваім сябрам, якіх так неспадзявана кінулі ў турму.

Сярод арыштаваных былі вядомыя ўжо Вільні паэты і проста здольныя маладыя людзі: Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ян Сабалеўскі, Юзаф Кавалеўскі, Антоні Адынец, Аляксандар Ходзька, Ігнат Дамейка, Міхал Рукевіч, Тэадор Лазінскі і многія іншыя. Дапамога Вільні дазволіла зняволеным падкупіць варту, і яны маглі цяпер хаця б збірацца разам са сваіх адзіночных келляў. Звычайна збіраліся ў келлі Адама Міцкевіча. Пра гэтыя філарэцкія зборы ў турме Адам Міцкевіч добра расказаў потым у трэцяй частцы сваіх бессмяротных «Дзядоў». Начныя сходкі сяброў вельмі паднялі іх заняпалы дух. Збіраючыся, яны нават складалі і спявалі песні, аўтарамі некаторых з іх былі Ян Чачот і Адам Міцкевіч. Добра прыдалася ўсім і напісаная тут жа, у турме-кляштары, «Філарэцкая песня» Антонія Эдварда Адынца.

Магчымасць збірацца разам вельмі дапамагла філарэтам апраўдацца на следстве, бо яны загадзя дамаўляліся, што там гаварыць і як сябе паводзіць. Напрыклад, яны дамовіліся нідзе не ўпамінаць пра існаванне Таварыства філаматаў, якое з'яўлялася ядром усіх згуртаванняў моладзі. Тамаш Зан, якога трымалі асобна, але з якім усё ж удалося наладзіць сувязь, наказаў сябрам ускладаць усю віну за арганізацыю на яго - ён хацеў гэтым выгарадзіць іх альбо хоць бы змякчыць долю сваім сябрам-філаматам: Адаму Міцкевічу, Юзафу Яжоўскаму ды і ўсім астатнім.

Усё гэта вельмі дапамагло арыштаваным зменшыць сваю віну і антыўрадавую ролю Таварыства філарэтаў. Чакалася, што пад канец 1823 года следчая камісія закончыць сваё разбіральніцтва і маладых людзей выпусцяць з кляштарных муроў.

Але тут усе карты змяшаў Францішак Малеўскі. Яго арыштавалі ў Берліне, дзе ён удасканальваў сваю адукацыю, і філаматы не змаглі з ім звязацца, каб дамовіцца пра паводзіны на следстве. Перакананы ў тым, што ўлады выкрылі як Таварыства філарэтаў, так і Таварыства філаматаў, ён міжволі прагаворваецца на следстве пра існаванне апошняга. Атрымаўшы такія «каштоўныя» звесткі, следчая камісія наноў раскручвае справу. Ізноў пачаліся допыты, якія цягнуліся два месяцы - люты і сакавік 1824 года. Асабліва даставалася зноў жа Тамашу Зану, якога перавялі ў палац, дзе вялося следства і дзе з ім абыходзіліся як з сама апошнім злачынцам.

Закончылася следства ў красавіку. Зняволеныя былі выпушчаны на парукі блізкіх і знаёмых. Адама Міцкевіча, напрыклад, узяў на парукі Іяхім Лялевель. У турме пакінулі толькі трох найбольш «небяспечных злачынцаў»: Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Сузіна, а таксама здрадніка Яна Янкоўскага, якога ніхто не захацеў узяць на парукі.

Дзякуючы арганізаванасці зняволеных і іх сяброў на волі ад следства ўдалося ўхаваць некаторыя найбольш важныя факты дзейнасці згуртавання моладзі. Напрыклад, камісія не дазналася пра існаванне Саюза сяброў і некаторых іншых згуртаванняў. І галоўнае, яна не даведалася, што Таварыства філарэтаў і Таварыства філаматаў, якія былі быццам распушчаны вясной 1822 года, хутка ізноў распачалі сваю дзейнасць і існавалі да апошняга часу. Не ўдалося камісіі натрапіць і на след філамацкага архіва, які надзейна схаваў Ануфры Петрашкевіч і які, дарэчы, шчасліва захаваўся да нашых дзён. Вынесці прыгавор «бунтаўшчыкам» цар Аляксандар І даручыў спецыяльнай камісіі, у якую прызначыў міністра асветы Шышкова, генерала Аракчэева і сенатара Навасільцава. 14 жніўня 1824 года цар зацвердзіў падрыхтаваны камісіяй прысуд.

Згодна з прысудам, дзесяць філаматаў і дзесяць філарэтаў назаўсёды высылаліся з роднай ім Літвы ў «аддаленыя губерні» Расеі. З філаматаў такое пакаранне панеслі - Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Юзаф Яжоўскі, Францішак Малеўскі, Ануфры Петрашкевіч, Вінцэнты Будрэвіч, Ян Сабалеўскі, Юзаф Кавалеўскі і Тэадор Лазінскі; з філарэтаў - Адам Сузін, Мікалай Казлоўскі, Ян Гэйдатэль, Ян Крыніцкі, Фелікс Кулакоўскі, Ян Вернікоўскі, Цыпрыян Дашкевіч, Гіляры Лукашэўскі, Ян Міхалевіч і Ян Янкоўскі. Сама жорсткае пакаранне прысудзілі Тамашу Зану, Яну Чачоту і Адаму Сузіну, якіх выслалі на Ўрал, дзе яны павінны былі да таго ж адседзець свой тэрмін у крэпасці: першы - адзін год, два астатнія - па паўгода. 80 філаматаў і філарэтаў былі адпушчаны пад нагляд паліцыі. Не абмінуў суд і выкладчыкаў універсітэта. Ён абавязваў пакінуць універсітэт і Вільню найбольш «неблагонадежных» прафесараў, якія быццам бы садзейнічалі студэнцкім згуртаванням - Іяхіма Лялевеля, Міхала Бароўскага, Ігната Даніловіча і Юзафа Галухоўскага. Рэктар універсітэта Юзаф Твардоўскі быў заменены больш «ручным» Венцаславам Пеліканам. Вызваліць пасаду куратара Віленскай навучальнай акругі, а значыць і Віленскага ўніверсітэта змушаны быў і князь Адам Чартарыйскі. Яго месца заняў сам Мікалай Навасільцаў, выкараняльнік свабодалюбства ў Беларусі і Польшчы.

Асуджаныя на выгнанне філаматы і філарэты яшчэ некалькі месяцаў заставаліся ў Вільні: ім далі магчымасць як след падрыхтавацца да выезду, развітацца з роднымі і блізкімі, з роднай зямлёй.

Першымі ўлады адпраўлялі ў далёкую дарогу сама «небяспечных злачынцаў» - Тамаша Зана, Яна Чачота і Адама Сузіна. Іх да апошняга часу так і не выпусцілі з турмы. Толькі за некалькі дзён да ад'езду ў кляштарныя муры дазволілі наведацца тым, хто хацеў з імі развітацца. А такіх было шмат: уся Вільня спачувала выгнаннікам. Пра гэтае хвалюючае развітанне асобныя з наведнікаў пакінулі цікавыя ўспаміны. Напрыклад, філарэт Отан Слізень прыгадвае ў сваіх нататках, што «дзверы ў камеры Зана ў кляштары ўсе гэтыя дні амаль не зачыняліся», што калі ён таксама туды ўвайшоў, «у камеры было ўжо некалькі філарэтаў, сярод іх - Міцкевіч, Адынец, Пясецкі, Фрэенд, два Тамашовы браты, Чачот, Сузін і хтосьці яшчэ... Усіх я знайшоў моцна расчуленымі, - успамінае далей Слізень, - бо якраз у гэтую хвіліну Чачот пад акампанемент гітары Тамаша спяваў толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы, песню жаласную, развітальную, якая сваёй мелодыяй і зместам выклікала ўсеагульны плач...». З іншымі дэталямі расказвае пра гэтае ж развітанне Антоні Адынец: «Было нас некалькі дзесяткаў вечарам у камеры Тамаша Зана, куды неўзабаве зайшлі Сузін і Чачот. Апошні заспяваў пад гітару толькі што складзеную ім песню на народнай гаворцы:

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,
Да нас павязуць да далёкай Русі...

Далей у песні расказвалася пра гусей, якія адлятаюць на поўдзень, у той час як асуджаных павязуць на поўнач, і хто ведае, ці вернуцца яны калі-небудзь назад. І так глыбока ўзрушыла ўсіх гэтая песня, што яна выклікала агульны плач, а спявак стаў аб'ектам абдымкаў».

Вывозілі першых выгнаннікаў 10 кастрычніка 1824 года. Расказваюць, што Адам Міцкевіч, развітваючыся са сваімі лепшымі сябрамі, не саромеўся слёз. Роўна праз пятнаццаць дзён давялося развітацца з роднай зямлёй, прычым назаўсёды, і самому Адаму Міцкевічу, якога везлі ў адным вазку з Янам Сабалеўскім у Санкт-Пецярбург. Адзін за адным былі высланы за некалькі дзён і ўсе астатнія асуджаныя на выгнанне.

Высылаючы філаматаў і філарэтаў з «акругі Віленскага ўніверсітэта» ў Расею, царскія ўлады хацелі дасягнуць адначасова некалькі мэтаў: першая - гэта, вядома ж, пакаранне маладых людзей за вальнадумства - «в назидание» іншым, другая - знішчэнне ў самым зародку беларускага нацыянальнага руху як часткі «агульнапольскага» (а лепш бы сказаць агульнарэчпаспалітаўскага) руху і трэцяя - рабаванне «мазгоў», інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі. «Д'ябальскі план! - правільна разгадаўшы гэтыя мэты царызму, зазначаў польскі даследнік Адам Крэхавецкі, які, праўда, па-свойму глядзеў на філаматаў. - Патушыць святло ў сама лепшай навучальнай установе, вынішчыць у ёй нацыянальны дух, а тых, што былі выхаваны ў гэтым духу і што маглі пашыраць яго далей, вывезці далёка па-за межы краю і прымусіць, каб сваю працу і інтэлектуальныя сілы яны аддалі на карысць агульнай іх айчыны - расейскай дзяржавы».

Пасля разгрому Таварыства філаматаў і Таварыства філарэтаў сябры гэтых згуртаванняў ужо ніколі не змаглі сабрацца разам. Параскіданыя па свеце, яны і ў разлуцы, перапісваючыся паміж сабой, заўсёды адчувалі сябе сябрамі адной філамацка-філарэцкай сям'і, засталіся вернымі ёй да канца жыцця.

Хаця філаматы і філарэты даўно ўжо сталі легендай, цікавасць да іх не змяншаецца і сёння. Іх дзейнасць - адна з надзвычай важных старонак нашай гісторыі. Тым не меней яна, думаецца, асветлена ў нас яшчэ недастаткова. На мой погляд, па-сапраўднаму яшчэ не ацэнена значэнне філаматаў і філарэтаў у гісторыі беларускай літаратуры, у нашым нацыянальным адраджэнні. Па сутнасці, яны засталіся выключанымі з кантэксту нашай літаратурнай гісторыі. Беглыя, вельмі неканкрэтныя агляды іх творчасці тут мала што мяняюць. Многія іх творы амаль не вядомыя беларускаму чытачу, не знойдзеш іх ні ў нашых хрэстаматыях, ні ў анталогіях беларускай літаратуры.

Вядома, неадольнай перашкодай сталася тут польская мова, на якой вымушаны былі пісаць свае творы літаратары Беларусі. Але ж гэта іх бяда, а не віна: такая ўжо наша гісторыя. У выніку шматвекавой паланізацыі Беларусі ўсё справаводства і пісьменства было тут к ХІХ стагоддзю цалкам польскае. І каб нешта сказаць грамадству, каб зрабіць на яго нейкае ўздзеянне, трэба было пісаць толькі па-польску. Гэта - рэальнасць. І дакараць пісьменнікаў Беларусі першай паловы ХІХ стагоддзя, што яны быццам бы ігнаравалі мову свайго народа, будзе па меншай меры несправядліва. Да пераходу пісьменства і справаводства на беларускую мову трэба было яшчэ рыхтаваць грамадства. А якраз гэта яны і рабілі.

Філаматы, якія амаль усе паходзілі з беларускай, хоць і апалячанай шляхты, будучыню сваёй Беларусі бачылі ў аднаўленні былой Рэчы Паспалітай. Толькі ў яе рамках магла быць, на іх думку, вернута самастойнасць былой магутнай беларускай дзяржавы - Вялікага Княства Літоўскага. Адсюль іх усвядомленае змаганне за «Польшчу», як стала называцца агульная для палякаў, беларусаў, летувісаў і часткова ўкраінцаў Рэч Паспалітая. У сапраўднасці філаматы ні на хвіліну не забываліся, што яны - «ліцьвіны», дзеці «Літвы», г.зн. Беларусі, якраз дзеля яе асветы, дзеля яе вызвалення з-пад царскага прыгнечання і стваралі свае згуртаванні, якраз яе называлі сваёй Радзімай, яе апявалі ў вершах, песнях, баладах, паэмах (успомнім хаця б Міцкевічава «Літва, айчына мая!..»).

Заўважыў гэта, дарэчы, і Навасільцаў, які ў згаданым вышэй рапарце вялікаму князю Канстанціну зазначаў, што допыты філаматаў і філарэтаў «ясно обнаруживали, что под словом приверженности к своему краю разумелось не приверженность к Российской империи вообще, но только к губерниям, составляющим виленский университетский округ...».

Літоўскі (а гэта азначае беларускі) патрыятызм філаматаў і філарэтаў - вось тая галоўная асаблівасць іх літаратурнай творчасці, якая дазваляе гаварыць пра іх як пра сама першую хвалю пачынальнікаў беларускага нацыянальнага адраджэння.

Якраз адсюль, ад гэтага «лакальнага» патрыятызму, ішла і павышаная цікавасць філаматаў і філарэтаў да свайго беларускага народа, да яго традыцыйнай культуры, да абрадаў і звычаяў, да багатай вуснапаэтычнай творчасці беларусаў. Ніколі яшчэ дагэтуль не назіралася такога шырокага і плённага «наплыву» ў літаратуру беларускага фальклору, як гэта бачым у творах філаматаў і філарэтаў. Першыя паказалі тут добры прыклад Ануфры Петрашкевіч і Тамаш Зан, яго падхапіў і шырока развіў Ян Чачот. Але сапраўдную рэвалюцыю ў літаратуры зрабіў з дапамогай беларускага фальклору Адам Міцкевіч, які сваёй творчасцю праклаў на Беларусі дарогу новаму, найбольш прагрэсіўнаму для свайго часу літаратурнаму напрамку - рамантызму.

Узводзячы на высокі алтар літаратуры фальклор беларуса, усю яго традыцыйную культуру, філаматы і філарэты не маглі абысці тут увагай і мову свайго беларускага народа. У сваіх выказваннях яны адзначалі самабытнасць яе, мілагучнасць, паказвалі, што яна нічым не ўступае іншым эўрапейскім мовам, а ў нечым нават і пераўзыходзіць іх па прыгажосці, што адзначалі асабліва Адам Міцкевіч і Ян Чачот.

Не маючы магчымасці пісаць па-беларуску (бо гэта азначала б у той час пісаць без адраса, пісаць «у стол»), філаматы і філарэты свядома ўводзілі ў сваю літаратурную мову элементы беларускай мовы. На гэтыя элементы звярталі ўвагу многія даследнікі іх творчасці, як беларускія, так і польскія. Беларуская моўная стыхія асабліва яскрава адчуваецца ў творах Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана, Ануфрыя Петрашкевіча, Аляксандра Ходзькі і іншых. Польская даследніца творчасці філаматаў Зоф'я Кавын-Кужова ў артыкуле «Мова філаматаў і філарэтаў» («Prace jezykoznawcze», № 36, 1963) багацце беларускага элемента ў іх мове тлумачыць дзвюма прычынамі. Першая - гэта тое, што філаматы і філарэты як ураджэнцы Беларусі карысталіся ў сваёй творчасці моцна збеларушанай тут польскай мовай, «якая ўцягвала ў сябе ўсё болей беларускіх асаблівасцяў, набываючы ў выніку гэтага характар пераходнага дыялекту». Другая прычына - якраз «свядомае запазычванне і макаранізаванне» філаматамі і філарэтамі з беларускай мовы. Інакш кажучы, мова іх твораў - гэта рэгіянальная мова нашай літоўскай шляхты, той «пераходны дыялект», які фактычна быў тагачаснай беларускай літаратурнай мовай і які яны хацелі яшчэ болей «збеларусіць».

Так, філаматы пісалі, вымушаны былі пісаць на мове беларускай спаланізаванай шляхты. Але, беручы ў цэнтр сваёй увагі просты люд, селяніна-беларуса, арыентуючыся на яго культуру, яны ставілі перад сабой мэту паступова зрабіць літаратурнай і яго мову. Толькі пры дапамозе мовы яны маглі несці святло асветы ў самыя «нізы». Вялікім іх жаданнем, як заўважае тая ж Зоф'я Кавын-Кужова, якраз і было «збіраць песні і паданні народа і пісаць па-беларуску» (тая ж праца). У гэтай высакароднай справе асабліва праявіў сябе Ян Чачот, які ў сваіх творах, напісаных да розных падзей філамацкага жыцця, даў сапраўдны ўзор «прыроднай» беларускай мовы. Трэба думаць, на патрабаванне Таварыства «пісаць па-беларуску» маглі адгукнуцца Адам Міцкевіч, Ануфры Петрашкевіч і іншыя філаматы. На жаль, з магчымай іх беларускай творчасці да нас не дайшло нічога, гэтак жа, як не дайшлі і апісанні парафій, зробленыя асобнымі філаматамі ў адказ на іх «Інструкцыю». Да таго ж, па-сапраўднаму разгарнуць сваю дзейнасць у гэтым напрамку яны не паспелі: разгром царскімі ўладамі Таварыства перапыніў высокія памкненні філаматаў. Гвалтоўна разлучаныя з роднай зямлёй, параскіданыя па ўсім свеце, яны вымушаны былі працаваць цяпер на карысць іншых народаў.

Але царскія рэпрэсіі не здолелі патушыць святло вольналюбівых ідэй беларускіх рамантыкаў пачатку ХІХ стагоддзя. Запаленая ў змрочны час падвоенай няволі (сацыяльнай і нацыянальнай) нашага народа вабная прамяністая зорка філаматаў ярка асвяціла дарогу новым пакаленням змагароў за народную долю, за нацыянальнае адраджэнне беларусаў. Гэта яе святлом падпальвалі потым свае паходні пачынальнікі новай беларускай літаратуры, заклікаючы родны народ станавіцца паўнапраўным гаспадаром на ўласнай зямлі.

* * *

У «Беларускім кнігазборы» творы філаматаў і філарэтаў сабраны пад адной вокладкай невыпадкова. Як даўно заўважылі гісторыкі літаратуры, незвычайнай асаблівасцю іх творчасці быў яе ў многім калектыўны характар. Гэта падкрэсліваў і вялікі знаўца літаратурнага набытку віленскіх рамантыкаў С.Свірка ў кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму»: «Філаматы, перш за ўсё І аддзел Таварыства, уяўлялі сабой як бы своеасаблівы замкнёны клуб ці паэтычную семінарыю. Іх паэзія ў пэўнай ступені была творчасцю сумеснай, калектыўнай, а яе асаблівасцю было вышукванне і распрацоўка адных і тых жа самых тэм... Узаемныя літаратурныя «запазычванні» не лічыліся нечым заганным і ганебным і ўвесь час практыкаваліся...». Прыкладаў даследнік прыводзіць вельмі шмат. Скарыстоўваючы адны і тыя ж тэмы і сюжэты, паэты цеснай філамацка-філарэцкай сям'і як бы спаборнічалі ў іх паэтычнай распрацоўцы. Так былі напісаны, напрыклад, аж тры балады з назвай возера Свіцязь у загалоўках - Яна Чачота, Адама Міцкевіча і Тамаша Зана. Зборнік «Філаматы і філарэты» дае добрую нагоду чытачу параўнаць творчыя магчымасці кожнага з аўтараў, асаблівасці іх паэтычнай манеры. Шмат цікавага можна ўбачыць і ў выкарыстанні рознымі аўтарамі аднолькавых вобразаў і матываў, якія яны імкнуліся браць з крыніц беларускага фальклору.

Паказальнае ў гэтым сэнсе творчае ўзаемадзеянне з сябрамі-філаматамі Адама Міцкевіча. С.Свірка падае ў сваёй кнізе цэлы шэраг фактаў выкарыстання ім багатага фальклорнага і не толькі фальклорнага матэрыялу, які ён знаходзіў у баладах перш за ўсё свайго бліжэйшага сябра Яна Чачота. Так, на аснове яго «Свіцязі» Адам Міцкевіч стварыў дзве класічныя балады - «Свіцязь» і «Вяртанне таты», дзе, апрача сюжэтных ліній, вялікі паэт выкарыстаў і асобныя паэтычныя апісанні, што адразу можна ўбачыць пры параўнанні гэтых твораў (напрыклад, апісанне буры ў дзвюх «Свіцязях» і інш.). У сваёй «Свіцязі» Міцкевіч выкарыстаў і некаторыя матывы балады Чачота «Калдычэўскі шчупак», нават «запазычыў» з яе асобныя паэтычныя сродкі, напрыклад, пры апісанні запуску ў Свіцязь невада і яго выцягвання з вады. Антыпрыгонніцкая Чачотава балада «Узногі» дала Міцкевічу магчымасць стварыць у яго славутых «Дзядах» вельмі каларытны вобраз злога пана, вобраз, які асобныя крытыкі лічаць цэнтральным у паэме. Міцкевіч нават выкарыстаў вобразы закатаваных сваім панам узногскіх сялян, што, ператварыўшыся пасля смерці ў драпежных птушак, бязлітасна дзяўбуць цела жорсткага прыгонніка. С.Свірка ўбачыў тут і шмат іншых падабенстваў Чачотавай балады з адпаведнай сцэнай «Дзядоў». Дарэчы, у паэме «Дзяды» ёсць радкі, напісаныя непасрэдна Янам Чачотам, які рыхтаваў твор да друку, - яны былі адобраны аўтарам. «Калдычэўскі шчупак», які, дарэчы, нейкі час прыпісвалі самому Міцкевічу, прычыніўся яшчэ, як паказваюць даследнікі, да стварэння ім аднаго з галоўных вобразаў паэтычнай эпапеі «Пан Тадэвуш» - пана Падкаморага.

У творах Адама Міцкевіча ёсць нямала прыкладаў творчага выкарыстання паэзіі другога сябра-філамата - Тамаша Зана. Так, у тэкст балады «Курганок Марылі» Міцкевіч уключыў адзін з яго шматлікіх трыялетаў, а матывы Занавай «Табакеркі» скарыстаў у «Пане Тадэвушы».

Са свайго боку Адам Міцкевіч зрабіў надзвычай вялікае ўздзеянне сваёй паэзіяй на творчасць сяброў, асабліва маладзейшых - Антонія Эдварда Адынца і Аляксандра Ходзькі, якія ўжо ў віленскі перыяд лічылі яго сваім кумірам, пераймаючы манеру пісьма, матывы і вобразы яго твораў. Так, услед за Міцкевічавай «Песняй філарэтаў» з'явіліся падобныя песні ў Міхала Рукевіча і Антонія Эдварда Адынца.

Калі добра прыгледзецца, у творчасці ўсіх філаматаў і філарэтаў можна знайсці нямала прыкладаў такога творчага ўзаемадзеяння, шчодрай «пазыкі» адзін аднаму тэм, вобразаў, матываў сваёй паэзіі, фактаў творчай узаемадапамогі.

Пры складанні зборніка і рабіўся акцэнт на феномене калектыўнай узаематворчасці філаматаў і філарэтаў, на шырокім узаемаўплыве іх твораў. У выніку зборнік можна лічыць своеасаблівай калектыўнай кнігай, напісанай у цесным творчым узаемадзеянні ўсіх яе аўтараў. Аб'ядноўвае пісьменнікаў філамацкага кола і агульнасць пазнейшай, паслявіленскай тэматыкі, звязанай з аднолькавай для ўсіх доляй - арыштам і выгнаннем з роднай беларускай зямлі, якой яны прысвячалі сама гарачыя і шчырыя радкі сваёй творчасці.

Паказваючы тут унікальнасць калектыўнай узаематворчасці філаматаў і філарэтаў, рэдкалегія «Беларускага кнігазбору» разам з тым не мае намеру абмяжоўвацца ў публікацыі іх літаратурнага набытку гэтым зборнікам. Імёны чатырох пісьменнікаў філамацкага кола - Яна Чачота, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі і Антонія Эдварда Адынца - уключаны ў план-праспект серыі як аўтараў асобных тамоў. Адзін з гэтых тамоў - «Выбраныя творы» Яна Чачота - пабачыў ужо свет, ім распачыналася кніжная серыя «Беларускі кнігазбор». Праз пэўны час выйдуць і тамы, прысвечаныя кожнаму з астатніх трох аўтараў, творчасць якіх будзе прадстаўлена там найбольш поўна і разнастайна, ва ўсёй велічы. Цяперашні ж зборнік дасць магчымасць зразумець вытокі гэтай творчасці, паказаць аснову, глебу, на якой вырасталі і развіваліся незвычайныя таленты славутай філамацка-філарэцкай сям'і.

У кнізе апрача твораў згаданых чатырох аўтараў падаюцца найбольш цікавыя і важныя для разумення філамацка-філарэцкай еднасці творы Ануфрыя Петрашкевіча, Міхала Рукевіча, Францішка Малеўскага, Ігната Дамейкі, Юзафа Кавалеўскага і Аляксандра Ходзькі разам з біяграфічнымі нарысамі пра іх.

Усе творы даюцца ў маім перакладзе з польскай мовы. Апрача таго, змешчаны ў арыгінале беларускамоўныя творы Яна Чачота - «Яжовыя» (урывак), «На прыезд Адама Міцкевіча», «Нашто нам дым выядае вочкі?..», «Да мілых мужычкоў».

Кастусь Цвірка


Крыніца:
Філаматы і філарэты. Зборнік.
Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 1998.
ISBN 985-6318-21-1

Беларускі Кнігазбор
http://www.bk.knihi.com